публикация №1290286630, версия для печати

Войны сярэдзіны XVII ст. і іх наступствы для Рэчы Паспалітай


Дата публикации: 20 ноября 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1290286630)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ


Пасля перамогі над польскай арміяй на Украіне, Багдан Хмяльніцкі пачаў засылаць агентаў і казацкія атрады на тэрыторыю Паўдневай Беларусі з мэтай распачаць і тут “вызваленчую” вайну. Польскіх паноў на Беларусі не было, таму ўнутранная вайна стала грамадзянскай. Беларусы-мяшчане і сяляне ваявалі супраць беларусаў-шляхціцаў. Таксама, Багадан Хмяльніцкі планаваў далучыць Паўдневую Беларусь да Украіны.

Унутранныя супярэчнасці у дзяржаве (узмацненне эксплуатацыі сялян; рэлігійныя супярэчнасці; паланізацыя беларусаў), знешнія супярэчнасці (супярэчнасці паміж Рэчу Паспалітай і Турцыяй, паміж Рэчу Паспалітай і Швецыяй, Рэчу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, прычына - выхад да Балтыйскага мора) і былі прычынамі казацка-сялянскай вайны.

Летам 1648 г. на поўдзень Беларусі былі занесены першыя ачагі паўстання, якое адразу прыняло жорсткія формы, было накіравана на татальнае знішчэнне супраціўнікаў. Першыя казацкія “загоны” атрымалі падтрымку простага насельніцтва, сяляне далучаліся да казакоў і знішчалі маенткі шляхты. У чэрвені 1648г. атрады украінскіх казакоў рассыпаліся па ўсем Палессі і пачалі захопліваць гарады - Рэчыцу, Мазыр, Кобрын, Бярэсце.

Кіраўніцтва ВКЛ вымушана было арганізаваць паспалітае рушэнне, але сабраннае войска было разбіта ў верасні 1648г. пад Кобрынам. Новую наемную армію збіраў гетман Януш Радзівіл. У гэты час выбухнула паўстанне ў Пінску. Але ў лістападзе 1648 г. падышлі галоўныя сілы на чале з Янушам Радзівілам. Горад быў узят штурмам. Радзівіл пачаў займаць паўдневыя гарады і адразаць паўстанцаў і казакоў ад Украіны. У Бабруйску паўстанцы разам з казакамі атамана Паддубскага разбілі ўрадавы атрад пана Паца, тады горад у пачатку студзеня асадзіў атрад пана Валовіча. На помач рушыў гетман Радзівіл. Тым не менш сіл на штурм не хапала. Радзівіл тайна пераманіў на свой бок заможных мяшчан і духавенства, тыя ноччу 22 лютага адчынілі браму. Войска ўчынілі крывавую расправу. Кіраўнікі паўстання былі пакараны страшнай смерцю. Так гетман Радзівіл выбіў казакоў з беларускіх гарадоў. Да вясны 1649г. паўстанне пайшло на спад і Хмяльніцкі накіраваў новыя атрады на Беларусь. Але паўстанцы пацярпелі паражэнне. З гэтага часу дзеянні казакоў і паўстанцаў прынялі партызанскія формы. У жніўні 1649 г. на Украіне быў падпісаны Збораўскі мір, таму дзеянні супраць палякаў перапыніліся. І на Беларусі паўстанне стала сціхаць. Але Януш Радзівіл марыў аб вяртанні багатых украінскіх зямель у склад ВКЛ, і збіраў пад Бабруйскам вялікае войска. Мара Януша Радзівіла не збылася.

У красавіку 1651 г. Хмяльніцкі аднавіў ваенныя дзеяння. Казакі авалодалі Крычавам і зноў сустрэліся з Радзівілам на Дняпры. І ў гэты раз Радзівіл перамог і ўвайшоў на тэррыторыю Украіны, а ў жніўні заняў Кіев. Хмяльніцкі вымушаны быў падпісаць мірныя пагадненні. Новы мір не пратрымаўся доўга - ваенныя дзеянні казакоў аднавіліся, але цяпер Хмяльніцкі прасіў дапамогі ў Масквы.

Хмяльніцкі прапанаваў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу Раманаву абяднаць з Расіяй Украіну і дапамагчы ў заваяванні Беларусі. Адразу пасля абяднання Украіны з Расіяй у 1654 г. для Масквы адкрылася магчымасць ажыццяўлення сваей запаветнай мары: абяднаць пад сваей уладай усе ўсходнеславянскія землі,непадначаленнай з якіх была толькі Беларусь. І калі Украіна абядналася з Масквой добраахвотна, то Беларусь трэба было заваевываць што і стала галоўнай прычынай гэтай вайны. Ужо восенню 1653 г. былі разарваны дыпламатычныя адносіны з Рэччу Паспалітай з прычыны таго, што апошняя парушала ранейшыя дамовы з Масквой. А гэта азначала непазбежнасць вайны.

Адразу пачалася ўзмоцненная падрыхтоўка да вайны. Насельніцтва зямель, пагранічных з Расіяй, чакала прыходу маскоўскіх войскаў як сваіх вызваліцеляў, гэта было арганізавана агентамі Масквы.

Ведаючы аб падрыхтоўцы вайны з боку Масквы, палявы гетман ВКЛ Януш Радзівіл выдае 16 лютага 1654 г. універсал ваяводам па правядзенні войскаў пад Оршай у баявую гатоўнасць.

Вайна пачалася ў сярэдзіне мая 1654 г. з боку Масквы, калі яе войскі пад камандаваннем Шарамецьева накіраваліся на Невель і гарады, размешчанныя на Зах. Дзвіне. На поўдні Беларусі казакі Залатарэнкі занялі Гомель, Рэчыцу, Чачэрск. Першыя поспехі давалі рускім войскам магчымасць прасоўвацца далей на захад. Гэтаму забяспечвала поспех і тое, што сілы Польшчы і ВКЛ былі тут непараўнальна слабымі. Пасля працяглай асады капітулявалі Магілеў, Смаленск, Віцебск. За здачу Смаленска, яго ваявода Піліп Абуховіч падвергся суроваму і здзекліваму асуджэнню ў літаратурным творы “Ліст да Абуховіча”. Канстанцін Палонскі, магілеўскі шляхціц, які прысягаў на вернасць Маскве, пачынае збіраць беларускі полк. Гэты полк удзельнічаў у штурме Магілева, але дзякуючы Паклонскаму з горадам абышліся міласціва, нават захавалі самакіраванне. Абапіраючыся на Магілеў, паклонскі ўмацоўвае свой полк, але тут ен сутыкаецца з інтарэсамі казакоў у Падняпроўі. Да таго ж маскоўскія ўлады беспардоннымі паводзінамі і насіліем над жыхарамі адбіваюць у беларускага палкоўніка жаданне служыць акупантам. Паклонскі ўваходзіць у тайныя зносіны з Радзівлам. Ноччу 6 лютага 1655 г. Паклонскі адчыніў вароты Магілева, аднак далей знешняга землянога вала войска ВКЛ пранікнуць не змагло. Войска канцлера ВКЛ Я. Радзівіла і гетмана В. Гансеўскага не магло стрымаць націску і даць генеральный бой рускай арміі.

Аблогі і ўзяцці рускімі войскамі гарадоў Беларусі суправаджаліся іх разбурэннем, спусташэннем, вынішчэннем і паланеннем насельніцтва. Захоп у палон жыхароў Беларусі і вывад іх у Расію быў найважнейшай мэтай расійскага ўрада. Так, напрыклад, рэзчык Арсень, які з дваццаццю сваімі землякамі ўпрыгожыў беларускай рэззю Крэмль і Каломенскі палац. Пераехаў у Маскву і Сімяон Полацкі, які ўзбагаціў рускую культуру.

Кіраўніцтва ВКЛ у асобе канцлера Януша Радзівіла шукала выйсця з надзвычай-на цяжкага становішча. Выратаванне бачылася яму ў цесным саюзе са Швецыяй, нават у дзяржаўнай уніяй з ей. 17 жніўня 1655 г. была заключана Кейданская ўнія аб пераходзе ВКЛ пад пратэктарат Швецыі, абяўляўся саюз супраць агульнага ворага (Польшчы і Расіі). Заключэнне Кейданскай уніі і было прычынай часовага спынення далейшага наступлення рускіх войскаў. Пачалася руска-шведская вайна 1657-1660 гг.

Вясной 1660 г. Рэч Паспалітая і Швецыя падпісалі Оліўскае пагадненне аб міры, па якім першая канчаткова адмаўлялася ад уладанняў у Прыбалтыцы. Юрый Хмяльніцкі таксама пайшоў на пагадненне з Польшчай. Рэч Паспалітая разам з казакамі накіравала сілы супраць маскоўскіх вайскоў. У чэрвені 1660 г. войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам П. Сапегі ў некалькіх бітвах разбілі рускую армію. Так пачалося вызваленне ВКЛ. Скончылася яно у 1667 г. падпісаннем Андрусаўскага пагаднення аб перамірі на 13,5 года.

Гаспадарка ВКЛ ляжала ў руінах, поўнасцю было вынішчана адукаванае беларускае мяшчанства. Разам с культурай і мовай была страчана нацыянальная ідэя беларусаў і ВКЛ - як пераважна беларуская дзяржава.

Так склаўся лес Беларусі, што яе ўваходжанне ў кожнае стагоддзе зяўлялася нешчаслівым. У XVIII ст. пачалася Паўночная вайна, якая цягнулася з 1700 па 1720 г.

Прычына яе тая ж , што і Лівонскай вайны, а менавіта імкненне Расіі прабіцца да Балтыйскага мора. Саюзнікамі Расіі ў гэтай вайне былі Данія і Рэч Паспалітая. Але пачатак вайны быў катастрафічны для саюзнікаў. У 1702 г. шведы разам с Сапегамі ўступілі на тэрыторыю ВКЛ, разрабавалі Гародню і яе наваколле, захапілі Вільню і Коўна. Войскі ВКЛ і Польшчы не адважыліся на бой са шведскім каралем. Пры падтрымцы Сапегаў і некаторых магнатаў акупанты 13 ліпеня 1704 г. выбралі каралем Станіслава Ляшчынскага. У краіне усталявалась двоеўладдзе. Тэрыторыю краіны спусташалі не толькі шведскія інтервенты, свае феадалы таксама рабавалі маенткі суседзяў. Войскі Агінскага і Вішнявецкага цярпелі паражэнне за паражэннем ад шведскіх атрадаў. Хутка на Беларусі зявілася яшчэ адна армія - руская. Восенню 1704 г. 60-тысячная армія пад кіраўніцтвам Рапніна была ўжо на тэрыторыі ВКЛ. Разам з войскам некаторы час знаходзіўся і Петр І. Але да 1706 г. Карл XІІ выцісніў рускіх ва Ўсходнюю Беларусь. У 1706 г. Карл XІІ прымусіў капітуляваць Аўгуста ІІ і падпісаць Альтранштацкі мір, па якім Аўгуст пазбаўляўся кароны Рэчы Паспалітай, разрываў саюз з Пятром, выплачваў значную кантрыбуцыю Швецыі. Першы рашаючы бой паміж Расіяй і Швецыяй адбыўся каля мястэчка Галаўчын 14 ліпеня 1708 г., у якім рускае войска было разбіта. Пры аступленні руская армія спаліла Мсціслаў, Оршу, Віцебск, Магілеў.

28 верасня 1708 г. каля вескі Лясная рускія войскі захапілі абоз, а шведскі корпус разбілі. Хутка пад Палтавай Петр І перамог у генеральнай бітве Карла XІІ, які збег у Турцыю. Беларусь была ачышчана ад шведаў і прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага.

У пачатку 1710 г. сабраўся так званы “вялікі сойм”, паводле пастановы якога Аўгуст ІІ зноў абяўляўся каралем Рэчы Паспалітай і была ўзмоўленна яго дамова з рускім царом Пятром І аб іх вайсковым саюзе.

У 1717 г. адбыўся сойм, які ўвайшоў у гісторыю як “нямы”, бо прадаўжаўся ўсяго 7 гадзін. Пацвердзіўшы пастановы сойма 1710 г., ен адначасова выказаў падзяку Пятру І за прысылку войска ў Польшчу і надзяліў яго правам быць пасрэднікам паміж каралем і яго падданымі ў час іх нязгоды. Усе гэта засведчыла выключную слабасць улады Рэчы Паспалітай, якая не магла адолець свае ўнутранныя супярэчнасці і таму фактычна добраахвотна аддала сябе пад уладу суседняй дзяржавы.

У 1720 г. такую дамову падпісалі Расія і Аўстрыя, а ў 1726 г. да іх далучылася Прусія. Далейшае праўленне Аўгуста ІІ было адзначана наступленнем на праваслаўе і уніяцтва. Згодна з умовамі ўніяцкага сабора, які быў скліканы ў Замосці, уніяцкая царква прымала ўсе дагматы каталіцкай царквы. У 1732 г. на Варшаўскім сейме ўзяліся за праваслаўных.

Рэч Паспалітая не здолела пераадолець наступствы войнаў. Шматлікія войны, рэскае скарачэнне колькасці насельніцтва, голад, эпідэміі, хваробы, вялікае змяншэнне колькасці ворыўных зямель із-за таго, што не было каму апрацоўваць іх, узмацненне феадальнай эксплуатацыі сялян прывяло к заняпаду беларускіх зямель.

Опубликовано 20 ноября 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1290286630 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Войны сярэдзіны XVII ст. і іх наступствы для Рэчы Паспалітай

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network